Праз «Рок-каранацыю» да рэінкарнацыі — beZ bileta намалявалі лепшы альбом беларускага індзі. У адрозненне ад стракатага дэбюта групы «На неба» (2001), «нарисована» гучыць надзвычай цэльна і мульцікультурна. На незалежным аўстралійскім нэт-радыё beZ bileta арганічна б упісаліся ў плэй-ліст паміж, да прыкладу, лёнданцамі Athlete і нью-ёркцамі The Walkmen. Аднак і пры адсутнасці замежных ратацый ў песнях калектыву чуваць англамоўнае мысленне. Спетую амаль што па-ангельску «Stop Business» антыглабалісты абавязкова зрабілі б сваім гімнам, калі б трохі радзей святкавалі Дні нараджэння ў McDonalds.
Індзі-сутнасць групы праяўляецца ва ўсім. beZ bileta уласнаручна да максімуму дасканаласці зводзяць свае песні і да мінімуму — колькасць канцэртаў. Як ніводныя іншыя беларускія музыкі, beZ bileta клапацяцца пра гарманічнае ўвасабленне сваёй творчасці ў кліпах. Напрыканцы мінулага года яны нават выдалі відэамаксісінгл «Лодочки», а ў лістападзе бягучага возьмуць удзел ў Галандскім анімацыйным фэсце (гл. «адрэзак»). На працэс стварэння «нарисована» паўплывалі і такія стопрацэнтова «індзі» фактары, як пакрадзеныя грошы на запіс (непрыемнасць адбылася з франтменам beZ bileta Віталікам «Артыстам» ў аўтобусе) і спалены вінчэсцер з запісам (вернуты да жыцця кіеўскімі ўмельцамі).
Не пазбегнуць параўнанняў beZ bileta з папярэднікамі, і гэта, як мінімум, Radiohead з Оксфарду і "Пани Хида" з Воршы. Магістральнаму для маладой беларускай музыцы хардкору beZ bileta супрацьпастаўляюць хітовую («Лодочки», «Stop Business», «Зима») і праніклівую («Нарисована», «Тихая», «Шла дальше») псіхадэліку. Свежыя «Проведение» і «Смотреть вверх» паказваюць на магчымыя шляхі далейшага развіцця групы, не здзівімся, калі наступны альбом beZ bileta будзе электронны ці пост-рокавы. Пакуль жа ім дазволена «адпачываць на лаўрах» «нарисована», не забываючыся, аднак, на свой маніфест «Мая краіна Беларусь».
Адзнака: 6 (з 6)
Віктар Пазьнякоў