Пра творчасць і шлейкі
Гурт “beZ bileta” цікава не толькі слухаць. Цікава не толькі глядзець яго кліпы. Мне яшчэ цікава проста назіраць за іх развіццём. Пасля зацішша ў 2004-м годзе – максі-снгл, новыя кліпы, тэлеэфіры, канцэрты адзін за адным... Крытыкі называюць гэтую каманду адной з самых перспектыўных. Здаецца, зараз у гурта пераходны перыяд – яны яшчэ не ахутаныя “зорнасцю”, але і не прасцячкі з гаража. Лідар гурта Віталь Артыст дапамог мне разабрацца ў творачасці “beZ bileta” і яго самаго.
Перадусім трэба адзначыць, што гурт “beZ bileta” ведаюць не толькі ў Беларусі. У свой час яго анімацыйны кліп “Шла дальше” (мастак Дзяніс Волкаў) пабываў на фестывалях у Чэхіі, Аўстраліі. Гэты ж кліп “ездзіў” і на галандскі фест “HAFF” (Holland Animation Festival), дзе спаборнічаў з такімі мэтрамі, як “Franz Ferdinand” і “Offspring”. “Самі мы туды не ездзілі, бо гэта даволі накладна. І ганарараў адтуль таксама ніякіх не атрымалі, бо наш гурт не зарэгістраваны ў таварыстве, якое займаецца зборам “фестывальных” грошай, - удаклядняе Артыст. – Нядаўна нас запрасілі ў Берлін – напачатку восені мы, напэўна, адыграем там канцэрт – вось тады і вырашым усе праблемы з гэтай рэгістрацыяй”. Музыканты “beZ bileta” заўсёды надавалі шмат увагі экранізацыі сваіх твораў. Віталь заверыў мяне, што гэта сыграла значную ролю ў раскрутцы гурта. Большасць кліпаў знятая паводле твораў з альбома “narisovana”. Гэтай вясной з’явіліся кліпы на “Песню про жирафа” і “Место для тебя”. Апошні, дарэчы, незвычайны. У ім рэжысёр Таццяна Кушнер (рэжысёр большасці іх кліпаў) вырашыла сабраць ўсіх сяброў гурта. Экранізацыя ўяўляла сабою плынь фотакартак. Прычым сваё фота мог даслаць кожны чалавек, якому даспадобы “beZ bileta”. А для тых, хто не меў сваіх партрэтаў належнай якасці, праводзіліся фотасессіі. “Место для тебя” з’явілася спачатку на MTV, пасля – на Першым музычным тэлеканале. У хуткім часе "безбілетнікі" пачнуць здымку кліпа на песню “Никогда не умирай”. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца і кліп “Не с нами”: ён будзе анімацыйны і падобны да савецкіх мультфільмаў. “Маляваць” гэты кліп будзе Сяргей Бакавец, гітарыст гурта. “Сяргей – дыпламаваны мастак-жывапісец, таму ўспрыняў “на ура” гэтую ідэю”, - зазначае Віталь. Дарэчы, усю музыку і словы песні стварыў таксама Сяргей. Мне было цікава, ці не адчувае Артыст канкурэнцыю? “Канкурэнцыя – гэта вельмі крута. Таму што калі яе няма, можна сядзець і нічога не рабіць, а калі ведаеш, што ў цябе ёсць канкурэнт, з’яўляецца жаданне быць на дзве галавы вышэй. Ды гэта і не канкурэнцыя, на тое мы і каманда, каб ствараць разам. Канфліктных сітуацый ў гурце з-за гэтага не бывае, справа нас толькі згартоўвае”.
“beZ bileta” занялі насамрэч пустую нішу ў музычнай прасторы Беларусі. Так павялося, што нашы гурты падзяляюцца на чатыры асноўныя групы: панк (сюды ж аднясем ска-панк, каліфарнійскі панк), папса, метал (дэз-, блэк-метал, хардрок) і хардкор. Прадстаўнікоў рамантычнага, эмацыянальнага року вельмі мала, сюды і адносіцца “beZ bileta”. Я б не назваў яго поп-рокавым гуртом (як часцяком можна пачуць), бо апошнім часам гэтая плынь робіцца ўсё больш і больш “салодкай”, папсовай і грань паміж поп-рокам і звычайнай папсой цяпер вызначыць вельмі цяжка. Самі “безбілетнікі” вызначаюць свой стыль як “emotional pop-alternative”, слова “рок” не ужываючы. Можа, гэта і правільна, бо рок у большай часткі людзей асацыіруецца з гітарнай музыкай. Зразумела, ў “beZ bileta” ёсць два гітарысты, але электронікі і іншых інструментаў яны выкарыстоўваюць нямала. Так што ў музыцы няма акцэнтаў на нейкіх пэўных інструментах. Гэта проста прыгожая музыка. А калі спрабаваць параўнаць “beZ bileta” з кім-небудзь, то мне здаецца, што па “эмацыянальнасці” іх творчасць набліжаецца да брытанскіх “Placebo”. У самой музыцы ёсць штосьці ад “Radiohead”. “У нас ужо ёсць свой стыль. І, думаю, ідучы па вуліцы і пачуўшы нашу музыку, можна здагадацца, што гэта гучыць менавіта “beZ bileta””, - лічыць Віталь.
Гурт гэты вылучаецца і вялікай колькасцю версій на адной песні. Напрыклад, “narisovana” мае ці не паўдзесятка аранжыровак – ад мінорна-псіхалагічнай phone version да “выбуховага” рэмікса, зробленага дзі-джэем amur 555. Лідэр гурта тлумачыць гэта так: галоўнае – зразумець сутнасць песні, а над яе афарбоўкай эксперыментаваць вельмі цікава. У выканальніцкай практыцы звычайна атрымліваецца так, што адна з версій выцясняе іншыя і становіцца больш папулярнай. Але ў выпадку з “beZ bileta” - інакш. Усе пяць версій “narisovana” маюць права на жыццё і папулярнасць, бо кожная з іх пасуе розным настроям слухача.
Увогуле, калі я думаю пра гэты гурт, мне ўспамінаецца моднае слоўца – “крэатыўнасць”. Іх “крэатыўнась” - здольнасць да новых творчых задумаў, творчая актыўнасць - выяўляецца і ў музыцы, і ў кліпах, і ў PR-акцыях. Нават свята сваё прыдумалі. Завецца – Дзень безбілетніка і адзначаецца 10 лістапада. “Тры гады таму да нас такая думка прыйшла, і ў першы Дзень безбілетніка мы раздавалі людзям на вуліцы нашыя дыскі, - ўспамінае Артыст. - У пазамінулым годзе мы наладзілі бясплатны канцэрт і абменьвалі дыскі на штрафную квітанцыю за безбілетны праезд. А на леташняе 10 лістапада мяне зачынілі ў пакоі сам-насам з тэлефонам, па якім я дзве гадзіны прымаў званкі нашых слухачоў. Кожны мог патэлефанаваць мне і загадаць: “Ну, ты, гэта, сыграй мне там сваю песню!” Я нікому не адмаўляў... Прычым тэлефанавалі з 8 па 12 лістапада. Сёлета плануем зрабіць таксама што-небудзь вясёлае”.
Віталь Артыст не абмяжоўваецца творчасцю для канцэртных праграм “beZ bileta”. Напісаная ім музыка склала аснову саундтрэкаў некаторых расійскіх тэлесерыялаў, ў тым ліку і “Мужчины не плачут-2”. Музычнае афармленне мультфільма “Мальчик-с-пальчик” (рэжысёр Ігар Волчак) – таксама яго работа. Але больш за ўсё Віталь задаволены сваім удзелам у напісанні музыкі да расійскага блокбастэра “Охота на пиранью”. У маштабным фільме гучыць пяць яго твораў, і гэта паказчык прафесійнасці аўтара. Як жа “безбілетнік” змог трапіць у такі праект? “Проста людзям, спрычыненым да гэтага фільма, вельмі спадабалася мая праца над папярэднім серыялам, і яны прапанавалі мне напісаць саундтрэк да “Охоты на пиранью”, - тлумачыць Віталь. Зараз ён заняты напісаннем музыкі яшчэ да аднаго расійскага тэлесерыяла. Якога – зразмела, не прызнаецца.
Дарэчы, Артыст не абмінае і тэатр. Вясной паказаў сябе як кампазітар спектакля “ПОСЛЕ” культавага мінскага тэатра “Инжест”, прысвечанага 25-годдзю калектыву. “Мне даўно падабаецца гэты тэатр. А мінулым летам яму не хапіла музыкантаў для паездкі ў Цюмень, дык я прапанаваў свае паслугі. І, скажам так, мы засталіся задаволеныя адно адным”.
“Мне вельмі падабаецца падыход Віталя да працы над музыкай, - гаворыць аўтар і рэжысёр спектакля “ПОСЛЕ” Вячаслаў Іназемцаў. - Ён з гатоўнасцю ўспрыняў мае ідэі наконт музычнага суправаджэння асобных сцэн”.
Пасля шумнай прэм’еры спектакля з’явіўся і яго саундтрэк, але ў музычныя крамы не паступіў. “Таму што, па-першае, гэта самвыдат. А па-другое, мне здаецца, што ў ім зацікаўлена толькі вузкае кола “інжэстаўскай” публікі, - разважае Віталь Артыст. - І мы плануем распаўсюджваць гэты дыск на спектаклях тэатра. Калі гэтая музыка спадабаецца і іншым людзям, саундтрэк з’явіцца і ў музычных крамах”.
З творчасцю Артыста і “beZ bileta”, спадзяюся, усё зразумела.
А цяпер – пару штрыхоў да асобы Віталя.
“Мне вельмі пашчасціла ў тым, - прызнаецца ён, - што на сцэне я магу заставацца самім сабой. Гэта і ёсць мой імідж. А што, трэба арыентавацца на Кіркорава?” У Інтэрнэце ўсё большую папулярнасць заваёўвае сайт livejournal.com. Там карыстальнікі вядуць свае інтэрнет-дзённікі. Паддаўшыся павеву моды, такі дзённік завёў і Віталь. Я прачытаў, і, са згоды аўтара, склаў невялікую топ-вынятку фактаў, якія характарызуюць яго асобу.
У 3-м класе спрабаваў напісаць фантастычны раман кшталту “Госці з будучыні”. Шкарпэткі любіць насіць дзіравыя і розных колераў. У Канах спрабаваў граць на гітары на вуліцы, вельмі баяўся, зарабіў 1,5 еўра. На такую ж суму даехаў аўтастопам ад Парыжа да Мінска. Аднойчы даў аб’яву, што ён – камп’ютэрны спецыяліст. І яго запрасілі ў беларуска-амерыканскае прадпрыемства для пераінсталяцыі праграмнага забеспячэння. Прабыў там 14 гадзін, загубіў “Windows” на ўсіх камп’ютэрах. Усё добрае і якаснае атрымліваецца ў яго выпадкова. Нейкі час працаваў на студыі гуказапісу. Быў звольнены адтуль тройчы. Выключалі з 10-га класа 121-й школы, 1-га курса ПТВ №23, 4-га і 5-га курсаў БДУ культуры і мастацтваў. “З універсітэта мяне выключалі за тое, што я нешта прапусціў, нешта не здаў і г.д. Але на пятым курсе, напэўна, падумалі, кшталту: “А, няхай давучыцца... хутчэй ад яго пазбавімся”. З выкладчыкамі былі праблемы з-за ўзроставага неразумення. Напрыклад, яны вельмі злаваліся з-за маёй прычоскі і шырокіх стыльных шлеек (Дарэчы, праз гэта яму, зняславіўшы, не дазволілі ўдзельнічаць ў запісе Дзяржаўнага гімна Беларусі). А ён жа некалі ўбачыў, што заходнія дырыжоры (сам скончыў БДУКіМ па класу харавога дырыжыравання) часцяком носяць шлейкі. Віталю гэта прыйшлося даспадобы, і ён таксама набыў сабе такія: “Але іх ніхто не ацаніў.”
Віталь кажа, што ў яго дужа багаты ўнутраны свет. Знешне ён нагадвае разгільдзяя. Але, мушу заўважыць, разгільдзяя вельмі таленавітага і перспектыўнага.
Алесь Кірыковіч