На главную / Пресса / Отчет о концерте "КИНОсъёмки" на портале "Тузін гітоў" (25.09.2007)

У менскім клюбе «Рэактар» прайшоў чарговы канцэрт гурта beZ bileta, што прынес нямала пазытыўных уражаньняў і карэспандэнтцы ТГ: «Настрой быў настолькі добры, а атмасфэра любоўная, што ўсе наўкол здаваліся такімі прыгожымі і мілымі – хацелася танчыць, сьпяваць і абдымацца».

Кадр з кліпу "Такие медленные"Калі падыходзіла да клюбу, адчувала сябе Мэры Попінз – дарослай кабетай сярод падлеткаў. Але, прыглядзеўшыся да аматараў-beZ bilet'нікаў, зразумела – сярод іх шмат і маіх аднагодкаў, проста ў іх зусім іншы настрой – радасны і аптымістычны. Аніякай напружанасьці, толькі пазытыў і ветлівасьць. Тады і я вырашыла разьняволіцца – і не памылілася.

Канцэрт быў неверагодны. Музыкі стараліся – па-першае, выступ здымала кампанія СТВ, па-другое, beZ bilet'нікі дакладна вырашылі паказаць некаторым скептыкам, што бачылі іх выступленьне ў КЗ «Мінск» (у тым ліку і мне), наколькі лепей яны выглядаюць у клюбным фармаце, дзе можна паставіць файнае сьвятло і даць магчымасьць сваім фанатам адрывацца ля сцэны, а ня ёрзаць у сваіх крэслах.

Пачатак уразіў. Сьпярша на сцэне зьявіўся Іван Барзенка з баянам, пасьля дадаў клявішы Павал Кудрын, за ім заняў сваё месца за бубнамі Дзяніс Шураў, узяў у рукі бас-гітару Саша Мышкевіч – кожнага музыканта народ вітаў гучна і зь вялікай любоўю. Віталь Артыст таксама вынырнуў адкульсьці з натоўпу і паўнавартасна загучалі «Мечтатели».

Канцэрт называўся «КИНОсъёмки» і Віталь адразу папярэдзіў: «Сябры, нас зараз здымаюць. Той, хто будзе падпяваць за ўсіх гучней, мае шанец трапіць на старонкі музычнай гісторыі!»

З таго, што асабліва ўразіла:

Па гендэрнай прыкмеце аматары гурта падзяліліся пароўну – палова дзяўчын, палова хлопцаў. То бок, нягледзячы на свой выключна мужчынскі і выключна прывабны склад, beZ bilet'нікі зусім ня Backstreet Boys.

Тое, што адбывалася на сцэне было сапраўдным шоў – на самым вышэйшым узроўні і, што вельмі важна, зь вялікім густам зробленае. Прафэсійна.

Я даўна ўжо ня бачыла такіх прыязных гукарэжысэраў, як у beZ bileta. Ён усьміхаўся, танчыў, падпяваў і пры ўсім гэтым выставіў цудоўнейшы гук.

Усеагульная добразычлівасьць: калі выпадкова наступалі на нагу – абавязкова прабачаліся і прапаноўвалі піва:) Настрой быў настолькі добры, а атмасфэра любоўная, што ўсе наўкол здаваліся такімі прыгожымі і мілымі – хацелася танчыць, сьпяваць і абдымацца. А пасьля «Песенки артиста» («Чтобы сбросить лишний вес – посылайте SMS») рукі самі пацягнуліся да тэлефону – а што, калі і праўда дапамагае?;)

Сола Івана на баяне ў песьні «Ромашка» і мілы бэк-вакал Павала: «У-ууў!..»

Скокі Віталя. Колькі бачу – столькі і захапляюся.

Артыст распавёў: «Нам нядаўна на RMA MTV далі ўзнагароду за „Лепшы кліп“, але за які, не сказалі. Таму мы спадзяемся, што ўсе нашы відэа харошыя».

Пасьля на сцэне разгарнуўся сапраўдны баксэрскі бой паміж вядомымі беларускімі кліп-мэйкерамі. З аднаго боку – брутальны шакалядны здаравяк Максім Сіры, з другога – даўгавязы і жылісты руды Мацьвей Сабураў, які, пераблытаўшы баксэрскі рынг з вэлатрасаю, прыйшоў у шлёме, пікантна абцягваючым трыко і з роварам на плячох. Абодва здымалі відэа для beZ bileta, а на пачатку года – ў якасьці навагодняга падарунка Віталю – разам зьнялі кліп на «Песенку Артиста». Весела было неверагодна – ня кожны дзень убачыш гэтых паважаных і вельмі прыветлівых у жыцьці людзей, набіваючых адзін аднаму гузакі. Пасьля сябры паабдымаліся, і Артыст абвесьціў: «Перамагло сяброўства!»

Падчас канцэрту Віталь пасьпеў перапрануцца тры разы – як сапраўдны супэр-стар. Але трымаўся сьціпла – п'ючы ваду на сцэне, адзначыў: «Я раней глядзеў, як музыкі п'юць на сцэне мінералку і думаў сабе – ужо зусім зажраліся зоркі! А вось зараз разумею – смага проста неверагодная».

Напрыканцы Віталь забацаў сапраўдную імправізацыю – засьпяваў пра кожнага ўдзельніка гурта. Атрымалася весела і нечакана. Так мы даведаліся, што бубнач мае славу беларускага Брэда Піта (я і раней гэта падазравала), а басіст – «малады чалавек у прыгожым гальштуку» перад канцэртам надумаў зрабіць сабе іракез, але ўсё дружна яго адгаварылі. Засьпяваў Артыст і пра «шэрых кардыналаў» – Таню Кушнер і прома-мэнэджэра гурта Віцю Пазьнякова, пра гукарэжысэра і пра ўсіх астатніх.

Вяртаючыся дахаты, я слухала сьвежавыдадзены альбом «Кино» і разважала над тым, што і на Беларусі можна рабіць канцэрты якасна, прафэсійна і для людзей. Не пераўтвараць свае выступы ў хатнія пасядзелкі, а рабіць усё, нібы гэта лепшы канцэрт за ўсю гісторыю.

«Ни капли вина и ни капли сомнения – ножка кровати искусана гением…»

Паглядзець выступ beZ bileta у запісе можна будзе на СТВ напачатку кастрычніка. Гэта відэа таксама ўвойдзе ў першы DVD гурта, рэліз якога плянуецца на лістапад.

Кася Сарокіна

Акция

Афиша

28.11.08
26.11.08
25.11.08

Организация концертов в Беларуси, PR:
+375 29 679 32 95
Виктор Поздняков@ email

Организация концертов в России и Казахстане:
+7 901 523 95 81, Компания М2, Сергей Федоров @ email


Интернет предоставлен