На главную / Пресса / Обзор альбома "Кино" и DVD "Про самое негрустное на свете" на "Еўрапейскім радыё" (28.01.2008)

Вітаю ўсіх, хто неабыякавы да беларускай музыкі. Мяне завуць Маша Яр, і я прапаную Вам крыху паразважаць наконт дзвюх апошніх прац гурта “Без білета” – альбому “Кіно” і відэаанталогіі “Пра самае нясумнае на свеце”.

Калі бэсцяць альбом “Кіно” і называюць яго “папсовым”, хочацца радавацца і скакаць ад шчасця. Нарэшце ў Беларусі пачалі рабіць якасную папсу! Якасную - у сэнсе, гуку, мелодыкі, тэкстаў, гармоніі і аранжыровак. А яшчэ – у сэнсе выдатнага разумення ўдзельнікамі гурта таго, якой павінна быць музыка ў наш час. “Без Білета”- яскравы прыклад сучаснага гурта ў сапраўдным еўрапеўскім кантэксце.

Яны крочаць у нагу з часам і нават апярэджваюць гэты час. Яны здолелі захапіць масавага слухача, не страціўшы пры гэтым свайго празрыста-рамантычнага фірмовага гучання і бясспрэчнага музычнага густу. Празрыстасць музыкі “Без Білета”, дарэчы, крышталізуецца ў нешта глабальна-празрыстае, што мне, прынамсі, вельмі падабаецца. Напрыклад, песня “Аватары” - добрае таму пацверджанне.

Калі браць пад увагу агульны настрой плыты, то можна заўважыць тут спалучэнне летуценнасці і нейкай эмацыйнай нацягнутасці, безвыходнасці і надзеі, як у песні “Прывітанне, мой Сябра”...

А пад песню “Нас ужо двое” хочацца танчыць, неяк дзіўна рухацца ці махаць крыламі ў рытме самба. Нібы патрапіць у запаволена зняты кадр.

Апроч новых, у дыск увайшлі таксама песні, добра вядомыя па кліпах “Без білета”: лірычныя “Такія павольныя”, “Ніколі не памірай”, “Месца для цябе” і сцёбная “Песенька Артыста”.

І зноў жа, калі кажуць, што ў Беларусі не выпускаюць добрых кліпаў, кажуць няпраўду. У нас ёсць добрыя кліпы, таму што ёсць Мацвей Сабураў, Максім Сіры, Таня Кушнер, Віталік Артыст і гурт “Без Білета”. Кожны іх кліп - твор мастацтва, свет, дзе існуюць геніі, проста людзі і іхнія фрэнды, свет, дзе віруе жыццё...

Першы DVD гурта мае назву “Пра самае нясумнае на свеце” і ўяўляе сабою унікальную з’яву для так званага беларускага шоў-бізу. DVD складаюць 10 кліпаў “Без Білета” і клубны канцэрт “Кіназдымкі”, які адбыўся ў лістападзе мінулага году і быў зняты дзякуючы тэлеканалу СТВ.

Усім тым, хто не яшчэ не паспеў пазнаёміцца з вышэй узгаданай працай, і нават тым, каму не надта імпануе творчасць “безбілетнікаў”, раю ўсё-ткі паслухаць”Кіно” і паглядзець “пра самае нясумнае”… Таму што “Без Білета” - прыклад таго, як трэба працаваць і пры гэтым заставацца Сумленным.

А зараз прапаную пазнаёміцца з бачаннем мінулагодніх “безбілетных” прац мастацтвазнаўцы Святланы Уланоўскай - сённяшнім экспертам – аглядальнікам.

BEZ BILETНАЕ КІНО

Проста слухаць гэтую музыку немагчыма – міжволі пачынаеш фланіраваць услед за аўтарскай думкай, якая вольна лунае “ад зямлі да неба”, то вядзе туды, “дзе нас няма”, то паветраным змеем пранізвае прастору “па той бок цішы”, etc. Напаўсон-напаўява, далёкае-блізкае, мара-рэчаіснасць, мінулае-будучае – межаў тут не існуе. Ёсць толькі рэальнасць творчай свядомасці, якая фіксуе пэўныя кропкі-стоп-кадры для ўсіх, хто далучыўся да гэтага музычнага кіна-падарожжа.

Для кінаманаў альбом прадстаўляе асаблівую асалоду. Тэксты песень выклікаюць “наплывы” кінаасацыяцый, сярод якіх узгадваюцца берталуччыеўскія “Танга ў Парыжы” і “Летуценнікі” (песня пад аднайменнай назвай адкрывае альбом), і метафізічны traveling Джоні Дэпа на каноэ праз люстэрка возера з культавага фільма Джармуша (кампазіцыя “Аватары”)…

Што ж да ўласна музычных уражанняў, то перш-наперш адзначу культуру работы з гукам, стрыманасць і прадуманасць аранжыровак, у якіх хапае адмысловых “фішак” і “прымочак”, але без празмернасцяў. Уменне прытрымлівацца “кропкі залатога сячэння” – адметная якасць Віталя Артыста і ягонай каманды. На дыску вы не пачуеце “забойных” рокавых сола. Саунд ненавязлівы, не напружвае слухача, і ў той жа час выразна рэпрэзентуе кожны з інструментаў і канцэнтруе ўвагу на вакале. Да таго ж, рэтра-інтанацыі ствараюць асаблівую атмасферу ў духу “старых добрых часоў”. І легендарны гурт “Кіно” прыгадаць тут будзе нялішне.

Па сваёй канцэптуальнай цэласнасці і арганічнасці альбом пераўзыходзіць усе папярэднія (“На неба”, 2001; “Намалёвана”, 2004; “Папраўка 22”, 2006). Скразныя вобразы-метафары дажджу, неба, палёту, падарожжа яднаюць кампазіцыі ў адзіны непарыўны ланцужок, ствараючы найтонкі экзістэнцыяльна-рамантычны падтэкст.

Напрыканцы хачу павіншаваць гурт і ўсіх мела-кіна-beZ bileta-манаў не толькі з выдатным вынікам “мегатворчага працэсу”, але і з новым “beZ biletным” 10-годдзем (як вядома, гурт з’явіўся на нашым музычна-альтэрнатыўным небасхіле у 1998).

Маша Яр


Организация концертов и связи с общественностью
+375 296 79 32 95
Виктор Поздняков
@ email

Информация для сотрудников радиостанций и ТВ

Интернет предоставлен