А у вас Flash не установлен!

О группе
Мультимедиа
Общение
Shop

На главную / Пресса / Рецензия на альбом "Африка" на "Еврорадио"

Прыемна канстатаваць факт, што ў Беларусі шмат “лепшых” гуртоў, якія выдаюць свае “лепшыя” альбомы. Вось такі лепшы гурт “Без Білета” выдаў свой лепшы летні альбом “Афрыка”.

Віталь Артыст не хавае сваёй любові да альбома, лічыць яго аніяк не “аднадзёнкай” і нават выступае гідам па пласцінцы, то бок, радасна тлумачыць цікаўным, на што трэба звярнуць увагу пры праслухоўванні “Афрыкі”.

“Афрыка”… Ммм… Мне падабаецца такая Афрыка: цалкам пазітыўная, танцавальная, смелая, часам задуменная і філасофская. “Безбілетная Афрыка” складаецца з 10 арыгінальных уласна “афрыканскіх” твораў, летняга бонуса “Странная жизнь” і “афрыканскага” кліпа, знятага, напэўна, у раёне Сухарава і Мінскага мора.

У канцэптуальным сэнсе “Афрыка” — найбольш зразумелы альбом “Без Білета”: Віталь Артыст інтуітыўна адчуў свае глыбокія афрыканскія карані і злучыў з імі сваё беларускае сучаснае. Атрымалася добра — лёгка, проста, празрыста і якасна. Паслухайце, якая клёвая Афрыка.

Вядома, не пазбегнуць “Без Білета” абвінавачанняў у папсовасці дыска. Віталь заўчасна падрыхтаваўся да падобных папрокаў словамі: “Мы пераасэнсоўваем з мінулага тое, што нам падаецца цікавым, і ўплятаем гэта ў наша сённяшняе светаадчуванне”. Паводле Віталя, “папсовасць” альбома — гэта звычайная вінтажнасць. Няхай так яно і будзе. Папсовасць таксама можа быць добрай і сонечнай.

Нельга чарговы раз не звярнуць увагі на паэтыку тэкстаў “Без Білета”: Віталь Артыст і Таня Кушнер — мастакі, які малююць словамі простыя рэчы ці з’явы, што жывуць вакол нас.

Некалі на канцэрце, прысвечаным памяці Андрэя Вашкевіча, Віталь Артыст выканаў новую песню “Страна приливов”, песню для тых, хто недзе Там. Самая пяшчотная песня на альбоме “Афрыка”.

Ёсць на альбоме і дуэт Віталя Артыста з Сяргеем Міхалком. Песня “Красному диску солнца” вельмі пасуе Міхалку, адпавядае яго гераічнай натуры і душэўным парывам.

Увогуле “Афрыка” у “Без Білета” атрымалася. Альбом выклікае пазітыў і жаданне ўспомніць летнія прыгоды. Проста, як кажа Віталік, “да кожнай пласцінкі трэба прывыкнуць і пакапацца ў ёй. Такія рэчы застаюцца надоўга”. Дай Божа!

Ну цяпер чытайце меркаванне наконт "Афрыкі" нашага эксперта — мастацтвазнаўцы Святланы Ўланоўскай:

Новы альбом гурта “Без Білета” прыемна парадаваў, як нечаканая ўсмешка сонейка сярод асенне-хмурага дня. Тым больш, што сонечна-жыццесцвярджальнаму насторою дыск адпавядае і па назве і па канцэпту.

“Афрыка” ад Віталя Артыста – гэта не геаграфічная кропка свету, а, перш-найперш, лета, цеплыня ўнутры цябе і наўкол… Афрыка, як стан душы і сэрца, сон і ява свядомасці. А яшчэ – мара, на крылах якой можна лунаць, дзе заўгодна, абляцець увесь свет…

У гэтым сэнсе ў мяне плыта выклікала асацыяцыі з кінахітом “Arizona Dream”. Думка, вядома, суб’ектыўная, і нічога такога Віталь Артыст на ўвазе не меў. Аднак ёсць агульны матыў бязмежнасці мары, дзякуючы якой можна ўзляцець у неба, нібы птушка, ўяўна апынуцца на Алясцы, ці пабудаваць цэлую гару з кадзілакаў і падняцца па ёй аж да Месяца, як у фільме Кустурыцы.

З музычнага боку Афрыка ў “Без Білета” атрымалася не барабанна-ударнай і архаічна-танцавальнай, што больш прадказальна па асацыятыўнаму ўспрыманню, а па-беларуску лірычнай, задуменна-летуценнай, нават медытатыўна-сузіральнай. Гэта сонца, але не спапяляючае, лета, але з прыемным ветрыкам. Беларускаму кантэксту садзейнічае і відэа, знятае дзесьці ў раёне сталічных новабудоўляў і Мінскага мора, і нават фота-дызайн вокладкі.

“Фірменныя” якасці, уласцівыя Віталю Артысту і ягонаму гурту, на новай плыце дэманструюцца “на ўра”. Сярод іх – уменне мысліць песняй-адзінкай і цэлым праектам, яснае адчуванне “залатой сярэдзіны” у тэмбрава-інструментальным увасабленні кампазіцый і бездакорны густ у аранжыроўках, шчырасць і адначасова стрыманасць у эмацыйнай афорбоўцы твораў. Нельга таксама не адзначыць характэрную для лідэра гурта вонкавую прастату і ўнутраную філасофска-экзістэнцыяльную глыбіню тэкстаў (амаль усе напісаныя ў сааўтарстве з Таняй Кушнер). Хаця ў некаторых з іх асацыяцыі падаюцца занадта “зробленымі” і просталінейнымі, як, скажам, “…я старик, ты будешь морем” з песні “Сияние”.

Музычна-стылёвае вырашэнне альбома надзвычай роўнае па якаснасці, агульнае, але не аднастайнае, па атмасферы. Тут ёсць і адценні world-music, акардэонныя найгрышы a la рэгей (“Африка”) і настальгічна-п'яцолаўскія пасажы (“Страна приливов”), і ненавязлівыя дансавыя рытмы (“1:1”, “Танцуй”), і рэтра-інтанацыі ў духе савецкіх шлягераў (“Жёлтые светофоры”). А скразныя метафары палёту, дажджу, неба, падарожжа (уважлівы меламан можа іх адчуць яшчэ на папярэдняй плыце гурта – “Кіно”), амаль нірванічнага яднання з Сусветам “звязваюць” усе кампазіцыі ў адзіны музычна-паэтычны ланцужок.

З кампазіцый-“the best” адзначу самотна-прасветленую “Страну приливов”, прысвечаную тым, хто не з намі і ўпершыню агучаную на канцэрце памяці Андрэя Вашкевіча. А таксама дуэт “Красному диску солнца”, якому голас Сяргея Міхалка надае пазітыўна вітальную энергетыку і адчуванне каранёў. Вянчае ж альбом кавер на “Wonderful Life” гурта “Black” – цудоўнае філасофскае шматкроп’е ў гэтым музычным падарожжы. Так і хочацца сказаць словамі Вялікага: “Жыццё ёсць трагедыя – ура!”.

Маша Яр, Святлана Ўланоўская

Акция

Афиша

24.12.17

ОРГАНИЗАЦИЯ КОНЦЕРТОВ:
Артемий Доронкин
+375 29 679 82 86 @ email
РАЙДЕР
ПРОМОПАКЕТ

Связаться с группой:
@ email


Available for festivals in Europe:
Tanya Kushner
@ email






INSTAGRAM

-Студия        Хостинг Hoster.by